БЕЛАРУ́СКІ ТРАМ, Беларускі дзяржаўны цэнтральны тэатр рабочай моладзі. Існаваў у Мінску ў 1929—37 (з 1934 прафес.). Створаны з «трупы забаўнікаў» (арганізавана ў 1928 з драм. гуртка клуба «КІМ»). Спачатку існаваў як трам-ядро. У вер. 1929 ператвораны ў т-р. Узначальваў яго П.​Шамшур, рэж. Б.​Дольскі, муз. часткай кіраваў І.​Любан. Арыентаваўся на трамы Ленінграда і Масквы. Праводзіў маст.-прапагандысцкую работу ў горадзе і на вёсцы. На матэрыялах агітац. паездак т-ра зроблены інсцэніроўкі «Як Мікіта і Панас працаваць ішлі ў калгас», «Плёткафон» (1930). Першыя спектаклі т-ра — тыпова трамаўскія сінтэтычныя відовішчы з музыкай, песнямі і танцамі, фізкультурнымі практыкаваннямі, масавымі сцэнамі на будоўлі і камсамольскім гуляннем, кантактамі паміж сцэнай і глядзельнай залай. Яны вызначаліся надзённасцю, жыццярадаснасцю, гал. дзейнай асобай іх быў камсамольскі калектыў: «Першы штандар» (1930, напісана трамаўскімі аўтарамі А.​Есаковым, У.​Стэльмахам, Шамшурам, М.​Юдэлевічам), «Трывога» Ф.​Кнорэ (1931) і «Новы горад» І.​Гурскага (1932, рэж. усіх Дольскі). У 1933 у сувязі з агульнай рэарганізацыяй трамаў па краіне пачалася перабудова і Бел. трама. Вясной 1934 з мэтай авалодання асновамі акцёрскага мастацтва для т-ра арганізаваны курсы пры Ленінградскім тэатр. тэхнікуме (педагог У.​Салаўёў), дзе падрыхтаваны спектакль «Тарцюф» Мальера. У 1934 т-р узначаліў М.​Зораў, пад кіраўніцтвам якога калектыў стаў на шлях прафес. развіцця. Трам адмовіўся ад уласцівага яму агітац.-публіцыст. стылю і быў пераўтвораны ў маладзёжны т-р звычайнага тыпу. У спектаклях удзельнічалі акцёры М.​Зораў, К.​Міронава і П.​Малчанаў. З лепшых пастановак: «Працяг будзе» А.​Бруштэйн, «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (абодва 1935), «Музыканцкая каманда» Д.​Дэля (1936), «Дон Жуан» («Севільскі спакуснік») Тырса дэ Маліны (1937). У 1937 т-р расфарміраваны, яго акцёры папоўнілі інш. тэатр. калектывы рэспублікі, у т. л. БДТ-1, Т-р юнага гледача БССР. У т-ры ў розны час працавалі акцёры Б.​Аляксеенка, А.​Бараноўскі, Л.​Баброў, В.​Брайчэўская, М.​Васілеўскі, В.​Вашкевіч, В.​Гапеенка, С.​Глікман, Б.​Дакальская, Р.​Драздоў, Л.​Жукава, Я.​Краўчанка, Б.​Кудраўцаў, Г.​Лаўроў, В.​Лерман, Л.​Міхайлаў, М.​Міхайлаў, Ф.​Мяфёдаў, У.​Палцеўскі, У.​Скакун, У.​Стэльмах, С.​Фрыд, Г.​Ціханоўскі, Л.​Яноўская і інш.; рэжысёр Ю.​Палічынецкі, мастак А.​Марыкс, дырыжор В.​Белкін. У стварэнні спектакляў прымалі ўдзел рэжысёры Г.​Ферман і В.​Галаўчынер, мастакі І.​Ахрэмчык і З.​Азгур, балетмайстры К.​Алексютовіч і Л.​Крамарэўскі, кампазітары М.​Іваноў, М.​Красеў, Я.​Цікоцкі.

Літ.:

Аляхновіч М., Стэльмах У. Беларускі дзяржаўны тэатр рабочай моладзі // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;

Пятровіч С.А. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 18, кн. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)